
Погляд на сучасную культуру — гэта позірк у мінулае, бо менавіта яно з’яўляецца асновай захавання традыцый грамадства. У гэтым сэнсе галоўнае, пра што сведчаць дзеячы навукі і культуры, якія разважаюць на старонках нумара пра культурныя здабыткі, мову і тэатральнае мастацтва, новыя перавагі ў стылі жыцця, —
адкрыццё саміх сябе, здольнасць зберагаць, выкрышталізоўваць лепшае і перадаваць ад пакалення да пакалення духоўны скарб народа. Якія б змены ні адбываліся, якія б перашкоды і фільтры ні ставіліся — карані нацыянальнай самабытнасці беларусаў, прыкрытыя пластамі розных вераванняў, паслядоўна паўста¬юць перад намі. У гэтай скарбніцы —130 малых гарадоў з багатай гісторыяй, што ўзніклі ў XIV—XV стст., яшчэ больш старажытныя паселішчы — Браслаў, Брагін, Клецк, Крычаў, Мсціслаўль, Рагачоў, Слаўгарад, Чачэрск, упершыню згаданыя ў X—XII стст., Полацк і Тураў, заснаваныя яшчэ раней. І гэта без уліку іншых артэфактаў, твораў пісьменнікаў і паэтаў, кампазітараў і музыкаў, мастакоў і дойлідаў Беларусі! Наша спадчына мае свой вобраз, праз які мы ўспрымаем свет і, вядома, выконваем сваё гістарычнае прызначэнне ў ім. Адносіны да мінулага — гэта сталасць нацыі і заклад яе будучыні. Няведанне сваіх каранёў можа прывесці да з’яўлення псеўдадухоўнасці, якая разбурыць гармонію жыцця і знішчыць не толькі культуру, але і памяць пра яе. І тады абязлічаныя і уніфікаваныя, мы згубімся ў натоўпе. Трэба быць сабой, каб сучаснасць не выціснула з нас традыцыі, каб не стаць тымі, хто не памятае продкаў і сваякоў.
Між тым у глабальным разрэзе мы не можам існаваць без абмену ведамі, думкамі, дасягненнямі, бо зноў жа застынем у нерухомасці, не здолеем ісці далей. Таму цікава пазнаёміцца з матэрыяламі навукоўцаў суседніх дзяржаў, з іх бачаннем інавацыйнай дынамікі ў свеце. Пра гэта чытайце ў новым нумары нашага часопіса. Заставайцеся з намі!
