Тонкая матэрыя тканін

У прамым і пераносным сэнсе тканіны можна лічыць самай неабароненай матэрыяй у свеце мастацтва. У гэтым няма нічога дзіўнага. Практычна ўсе яны ўяўляюць сабой ужытковыя прадметы – шпалеры, дываны, абрусы, фіранкі, абіўку мэблі, сцен і транспартных сродкаў, а таксама мноства рэчаў, што дапаўняюць паўсядзённы побыт чалавека. Але самую вялікую частку тканін складаюць тыя, з якіх шыецца адзенне. Менавіта функцыянальнасць тэкстылю часцей за ўсё абумоўлівае страту яго мастацкіх якасцей, фізічны знос і, у канчатковым выніку, знішчэнне. Верагодна, таму да нашых дзён захавалася абмежаваная колькасць яго старажытных узораў, галоўным чынам у выглядзе парадных арыстакратычных і ваенных убораў, царкоўнага аблачэння, а большасць даўніх народных касцюмаў датуюцца пераважна канцом ХІХ – пачаткам ХХ ст.