Беларуска-эстонскае супрацоўніцтва фалькларыстаў

Таццяна Валодзіна,
загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, дацэнт

Фалькларыстычная навука ў Еўропе ў большасці выпадкаў развіваецца ў межах асобных дзяржаў і, адпаведна, у пэўнай моўнай плыні. Таму даследчыкі нават блізкіх прасторава краін не заўсёды могуць знаёміцца з дасягненнямі суседзяў. У той жа час пераадоленне этнічных і моўных межаў спрыяе распаўсюджанню вынікаў даследаванняў у іншаземных акадэмічных колах. Так, беларускія нарадазнаўцы не ў належнай ступені дасведчаныя ў поспехах заходняй навукі, і нават прыбалтыйская фалькларыстыка з’яўляецца для іх далёкай. Аднак колькі гадоў таму тутэйшыя фалькларысты распачалі плённы і ўжо даволі працяглы дыялог з заходнімі партнёрамі.