Вясна красна на ўвесь свет! Велікодныя традыцыі беларусаў

Таццяна Валодзіна,
загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук

Адным з важнейшых складнікаў работы фалькларыстаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры была і застаецца экспедыцыйная дзейнасць, падчас якой запісваюцца абрады і звычаі, а таксама шматлікія ўзоры вусна-паэтычнай творчасці беларусаў. Нягледзячы на імклівую дэпапуляцыю вёскі і адпаведныя змены ў традыцыйнай культуры, заўважную ўстойлівасць выяўляе менавіта каляндарна-абрадавы комплекс. Народны каляндар да гэтага часу выступае адным з найважнейшых чыннікаў, што ўплываюць на вызначэнне ідэнтычнасці народа. Менавіта пазначаныя там святы і шэраг звязаных з імі правіл і забаронаў, што тычацца сям’і, роднасна-сваяцкага і суседскага калектываў, становяцца тым надзейным каналам, які забяспечвае арганічную пераемнасць традыцыі, засваенне яе вытворныхсэнсаў і эстэтычна-каштоўнасных прыярытэтаў. Вывучэнне і папулярызацыя гэтых ведаў мусяць займаць годнае месца ў сістэме сённяшняй ідэалагічна-выхаваўчай работы.