Каталог “Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі"

У II квартале 2020 г. у Выдавецкім доме “Беларуская навука” плануецца выпуск навуковага выдання “Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі: каталог”. Складальнік М. У. Тарэлка.

У 2011 і 2015 гг. выйшлі ў свет першы і другі выпускі каталога беларускататарскіх рукапісаў, якія захоўваюцца ў дзяржаўных і грамадскіх кнігасховішчах Белурусі: бібліятэках, музеях, а таксама мячэцях і мусульманскіх малітоўных дамах.

У новым каталогу будзе дадзена навуковае апісанне 26 найбольш каштоўных беларускататарскіх рукапісаў з прыватных калекцый, электронныя копіі якіх былі зроблены падчас экспедыцый. Увядзенне ў навуковы ўжытак новых, раней не вядомых помнікаў беларускататарскага пісьменства, безумоўна, з’яўляецца важнай падзеяй у кітабістыцы і не толькі. Гэтыя манускрыпты змяшчаюць велізарную колькасць тэкстаў на беларускай мове і мясцовым (беларускім) варыянце польскай. Некаторыя з іх маглі ўзнікнуць яшчэ ў XVІ або XVII ст., што не можа не выклікаць зацікаўленасці з боку славістаў (у першую чаргу дыялектологаў і гісторыкаў беларускай і польскай моў), а таксама гісторыкаў, рэлігіязнаўцаў, культуролагаў.

Плануецца забяспечыць гэта выданне СD з электроннымі копіямі апісаных у ім рукапісаў.