Героіка і трагедыя вайны

Вялікая Айчынная вайна, якую беларускі народ перажыў у самых трагічных для сябе наступствах, без перабольшання з’яўляецца эпахальнай падзеяй у яго гісторыі. Таму той страшны і высакародны ваенны вопыт, які выпаў на долю беларусаў, павінен быць не толькі зафіксаваны, але і ўсімі сродкамі абаронены, каб не паўтарыліся ўрокі мінулага.

Зараз, і асабліва пасля распаду СССР, даволі настойліва выяўляюць сябе памкненні прынізіць гераізм савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, зменшыць значэнне агульнай Перамогі, здрабніць подзвіг франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, зарэтушыраваць самаахвярнае духоўнае і ўзброенае супраціўленне простага народа, які ў сваёй абсалютнай большасці не прыняў «новага парадку» акупантаў.
Відаць, нехта жадае «адабраць» у нас па праву заваяваную Вялікую Перамогу і тым самым пазбавіць найважнейшага кампанента жыццёвай сілы — гістарычнай памяці і вызначальнага паказчыка духоўнай моцы. Нам часта навязліва імкнуцца ўнушыць міф аб абсурднасці мінулай вайны, аб дарэмнасці ахвяр, прынесеных на алтар Перамогі. Робяцца сур’ёзныя захады ператварыць падзеі вайны ў бессэнсоўную гульню сляпой наканаванасці, трагічнага бязладдзя, гіпертрафіраваць надуманную праблему грамадзянскага супрацьстаяння. І ўсё гэта такім інтэрпрэтатарам неабходна найперш для таго, каб наглядна, як ім уяўляецца, даказаць, што паколькі ў нашага народа не было нічога ўстойлівага і моцнага ў мінулым, то такі народ і не вельмі падрыхтаваны, каб разлічваць на годныя сучаснасць і будучыню. А ў такім разе гэтаму народу можна нібыта падсунуць і навязаць іншую шкалу каштоўнасцей, «новы код часу» са сваім уніфікаваным кадастрам дат і «правільнай гісторыі». Удумлівае і таленавітае мастацкае слова ў ранейшыя часы і сёння рашуча адхіляла і не прымала такія навукападобныя канцэпцыі.
Яскравым прыкладам можа быць беларуская проза ХХ ст., якая дасягнула свайго найвышэйшага самавыяўлення менавіта ў раскрыцці вытокаў стойкасці і мужнасці народнага характару ва ўмовах ваеннага ліхалецця. Без перабольшання можна казаць аб тым, што на сусветным узроўні беларуская літаратура найперш вядома сваёй прозай пра вайну.
Тэма вайны з самага пачатку для беларускага пісьменства стала тэмай агульнанацыянальнага гучання, якая адначасова на кожным гістарычным адрэзку выпрацоўвае новыя крытэрыі, межы і прыярытэты, за якімі праглядаюцца неабсяжныя гарызонты спасціжэння лёсу чалавека і яго «следу» ў няспынным руху часу і зменлівым свеце. Творчасць такой плеяды беларускіх празаікаў, як К. Чорны, М. Лынькоў, І. Мележ, А. Адамовіч, Я. Брыль, В. Быкаў, І. Шамякін, І. Навуменка, В. Адамчык, І. Чыгрынаў, І. Пташнікаў, Б. Сачанка, В. Казько, В. Карамазаў, А. Кудравец і інш., у спасціжэнні драматычна-трагічнага жыццёвага вопыту вайны стала дасягненнем не толькі нацыянальнай літаратуры і культуры, але, думаецца, і сусветнага маральна-духоўнага і эстэтычнага вопыту.
Сённяшні этап у эстэтычным працэсе асэнсавання вайны і чалавека на вайне характарызуецца творчасцю самых розных пісьменніцкіх пакаленняў — тых, што непасрэдна ўдзельнічалі ў баях, хто бачыў вайну дзіцячымі вачыма, і нават тых, хто нарадзіўся пасля яе. Вялікая Айчынная настолькі глыбока ўвайшла ў быт і ментальнасць беларускага народа, што памяць аб ёй запісана ў беларуса амаль на генетычным узроўні. Сімвалічна ўспрымаюцца ў гэтай сувязі словы В. Казько пра тое, што на мінулай вайне «не проста кожны трэці загінуў. Гэта з нас трэць нашага чалавечага цела выр¬валі і недзе пахавалі».
Мы, беларусы, у нечым і сёння адчуваем сябе народам, які дагэтуль «не вярнуўся з вайны». Боль, смутак, пачуцце непапраўнасці страт і ахвяр той навалы не змог заглушыць нават ідэалагічны (імунна-выратавальны ў нечым) больш чым паўвекавы савецкі перыяд паслядоўнай гераізацыі ваеннай гісторыі. Усё больш і больш настойліва ў наш час уздымаецца пытанне: дзеля якіх мэт вяліся і вядуцца войны? Гісторыя, безумоўна, гэтыя мэты помніць, але далёка не заў¬сёды нашчадкі хочуць памятаць і вывучаць урокі гісторыі. З цягам часу нярэдка ўсё вяртаецца на кругі свае. Тут важна ўлічваць і такі момант, што любая значная, уплывовая падзея ў гісторыі народа нясе ў сабе пэўную інерцыю паступовага «выцяснення» і «замяшчэння» новымі поглядамі на мінулае.
Прыходзіцца канстатаваць, што ў канцы ХХ ст. пасля так званага паражэння ў «халоднай вайне» і тых разбуральных працэсаў, якія адбываліся на прасторах былога Савецкага Саюза, шэраг пісьменнікаў пад уплывам супярэчнасцей часу і драматычных абставін вымушаны былі значна скарэктаваць свой погляд на вайну, а месцамі нават заняць супраць¬леглую пазіцыю ў дачыненні да сваіх ранейшых маральных і эстэтычных поглядаў. Нельга не заўважыць той акалічнасці, што ідэйна-каштоўнасны і эстэтычны пафас сучаснай ваеннай прозы ў нечым яўна «выдыхаецца». Тыя мастакі слова, якія працавалі ў літаратуры на міленіумным пераломе і былі ўдзельнікамі ваенных падзей, захаваўшы ўнутраны патрыятызм і вернасць ідэалам сваёй маладосці (В. Быкаў, І. Шамякін,
І. Навуменка, Я. Брыль, А. Савіцкі і інш.), безумоўна, былі ў нечым расчараваны, у пэўным сэнсе нават крыху падаўлены тымі рэзкімі пераменамі, якія адбыліся. Таму і намагаліся знайсці нейкія кропкі апоры, каб праз прызму сваіх роздумаў пра асабісты лёс адшукаць магчымыя прычыны правалу на матэрыяле мастацкага і дзённікавага аўтабіяграфізму. Прыгадаем «Дзённікі» І. Шамякіна, Я. Брыля, аўтабіяграфічную кнігу В. Быкава «Доўгая дарога дадому», серыю аўтабіяграфічных аповесцей І. Навуменкі, А. Савіцкага і інш.
Значэнне і маральную апраўданасць свайго ўдзелу ў вайне пісьменнікі імкнуліся абгрунтаваць праз асабісты лёс і веру ў правату сваіх ідэалаў і перакананняў, якія хоць і змяняліся, але ў нечым прынцыповым, стрыжнёвым, жыццестваральным заставаліся цэласнымі і непарушнымі. Думку гэту можна падсумаваць урыўкам з аповесці І. Навуменкі «Юнацтва»: «Маршыруй, пакаленне! Ідзе вайна, якой, можа, не было ў гісторыі. На ёй ліецца кроў, губяцца маладыя жыцці. Але тваю Радзіму, пакаленне, топча вораг і не ваяваць ты не можаш…».
Сваёй выразнай адметнасцю, канцэптуальнай ідэйна-аксіялагічнай пазіцыяй у разуменні і выяўленні сутнасці вайны пазначана проза знакамітага беларускага пісьменніка В. Быкава. У паказе вайны і яе прынцыповых наступстваў для пакалення сваіх унукаў і праўнукаў з пазіцыі дня сённяшняга адчуваецца своеасаблівае «выслізгванне» пісьменніцкай думкі з ранейшых маральна-эстэтычных канонаў у поглядзе на саму сістэму каардынат, якія былі ім жа закладзены і распрацаваны. Пісьменнік-рыгарыст па сваёй сутнасці, ён заўсёды імкнуўся ацэньваць жыццё і мастацтва, у тым ліку і такую з’яву, як вайна, высокаю мераю каштоўнасных крытэрыяў. Быкаў, відаць, палічыў, што філасофія прэзентызму на сённяшні час можа даць найбольш адэкватны адказ на пытанні аб мінулым нашага народа (прэзентызм, як вядома, сыходзіць з таго, што рэальным можа прызнавацца толькі сучаснае і што толькі сучаснасць і сучаснікі могуць даць належную непрадузятую і аб’ектыўную ацэнку мінуламу). Тэорыя прэзентызму вельмі актыўна працуе на тое, каб мінулае ўспрымалася як канструкцыя, праект дня сённяшняга з «лёгкай» трасфармацыяй ранейшых каштоўнасных і адаптыўных ідэалаў.
Генератыўны пафас усёй беларускай мастацкай літаратуры ХХ ст. пра вайну палягае ў межах антываеннай маральна-этычнай тэндэнцыі. Гэтаму садзейнічала і садзейнічае, апрача ўсяго, і тое, што беларускі народ у сваёй аснове нёс і выконваў па-большасці толькі захавальную місію ва ўсіх ваенных авантурах ХХ ст., якія выпалі на яго долю, а пісьменнікі, у меру свайго вопыту і таленту, імкнуліся ўвасобіць у мастацкіх творах такія рысы народнага характару, як талерантнасць, трывушчасць, уменне разлічваць толькі на свае сілы, шукаць выхады з цяжкіх экстрэмальных сітуацый і г.д.
Праўда, тут адразу ж трэба заўважыць, што і цяжкія экстрэмальныя сітуацыі, у якія неаднойчы трапляў чалавек падчас вайны, і складаныя, заблытаныя вузлы жыццёвых канфліктаў, якія яму даводзілася развязваць, патрабуюць ад пісьменніка немалога жыццёвага вопыту і мастацкага майстэрства, валодання прыёмамі тонкага псіхалагічнага аналізу. На жаль, з такімі цяжкасцямі не ўсім пісьменнікам удаецца саўладаць. Так, напрыклад, канфліктная сюжэтна-фабульная аснова аповесці сучаснага аўтара В. Шабалтаса «Душагуб» («Полымя», №5, 2005) у чымсьці нагадвае найскладанейшыя супярэчнасці чалавечых узаемадачыненняў у творах К. Чорнага і Ф. Дастаеўскага, але драматызм цікавай аўтарскай задумы выяўляецца ў спрошчанай і хадульнай яе рэалізацыі. Нешта падобнае назіраецца ў апавяданні В. Дубінкі «Амерыканка», дзе аўтар даволі вольна абыходзіцца з тонкім і далікатным «сакральным полем» ваеннай і народнай памяці пра вайну, часта забываючы, што аб’ект мастацкага адлюстравання не можа быць поўнасцю нейтральны і абыякавы да логікі складанай і трагічнай праўды жыцця ваеннага часу. Відаць, тут можа быць прыдатны і павучальны вопыт літаратурнай класікі — Льва Талстога, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, якія ў ацэнцы ўчынкаў сваіх герояў падчас трагічных падзей вайны кіраваліся мастацкім і чалавечым прынцыпам і досведам: не ва ўсім ісці на паваду агульнай думкі-схемы і паверхнева-тэндэнцыйнага меркавання. Яны неаднойчы акцэнтавалі ўвагу на тым, што мастак слова не можа кпіць і весяліцца над тым жыццёвым матэрыялам, дзе аб’ект даследавання мае павышаны драматызм існавання.
Традыцыя, закладзеная беларускай мастацкай прозай пра Вялікую Айчынную вайну, застаецца пакуль адным з вызначальных складнікаў нашых поглядаў на мінулае і дазваляе ўтрымліваць сувязь з гісторыяй народа, працягваючы надаваць паглыблены сэнс нашаму годнаму чалавечаму адчуванню ў сучаснасці і будучыні.

Літаратура
1. Василевский А.В. Эта война жестока, но не абсурдна, в ней есть смысл / Василевский А.В. Война в славянской литературе. — Мозырь, 2006.
2. Казько В.А. Правда гораздо глубже и страшнее / Казько В.А. Война в славянской литературе. — Мозырь, 2006.
3. Навуменка І. Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва: Аповесці. — Мн., 1997.