Акадэмічныя літаратуразнаўцы — ветэраны вайны

Працэс творчага развіцця і росту беларускай літаратуры і крытыкі не спыняўся і ў складаны перыяд Вялікай Айчыннай вайны, хаця вядомыя беларускія літаратуразнаўцы ваявалі са зброяй у руках на франтах, удзельнічалі ў падпольным і партызанскім руху. Пафасам высокай грамадзянскасці былі пранізаны нешматлікія публіцыстычныя і крытычныя артыкулы і выступленні, аўтарамі якіх былі не толькі навукоўцы, але і самі пісьменнікі.
Жыццёвы, сацыяльны і маральны вопыт, набыты ў часы вайны, дабратворна паўплываў на станаўленне акадэмічнага літаратуразнаўства пасляваеннай пары. Смеласць навуковай думкі і высокая маральная мужнасць літаратараў былі не ў апошнюю чаргу вынікам іх баявых заслуг, адзначаных шматлікімі ўзнагародамі, свядомым адчуваннем сябе пераможцамі над фашызмам і ўсведамленнем гістарычнай місіі беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Акадэмік Васіль Васільевіч Барысенка (1904—1984) з першых дзён вайны быў у дзеючай арміі (Заходні, Стэпавы, 2-гі Украінскі, Беларускі франты) у якасці спецыяльнага карэспандэнта армейскай газеты. Пасля дэмабілізацыі (у званні маёра) працаваў з 1946 па 1974 г. дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1974 па 1984 г. — навуковы супрацоўнік-кансультант.
Акадэмік Васіль Уладзіміравіч Івашын (1913—2009) — удзельнік Вялікай Айчыннай. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. Пасля аспірантуры — старшы навуковы супрацоўнік (1949—1954), загадчык сектара беларускай савецкай літаратуры Інстытута літаратуры АН БССР (1954—1967). У 1967—1978 гг. — дырэктар НДІ педагогікі Міністэрства асветы БССР.
З 1979 г. — вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант Інстытута адукацыі.
Навум Саламонавіч Перкін (1912—1976), доктар філалагічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, у чэрвені 1941 г. быў накіраваны на фронт. Камандаваў узводам, трапіў у акружэнне. Звязаўся з партызанамі ў бранскіх лясах, стаў байцом, затым камандзірам узвода, начальнікам штаба атрада Рагнедзінскай партызанскай брыгады. У верасні 1943 г. яна злучылася з Савецкай Арміяй. Пасля заканчэння курсаў пры Вышэйшай афіцэрскай школе да канца вайны камандаваў артбатарэяй, быў двойчы паранены. Дэмабілізаваўся ў снежні 1945 г. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. Са студзеня 1946 г. і да апошніх дзён свайго жыцця працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР — навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара ўзаемасувязей літаратур, загадчыкам сектара тэорыі літаратуры (1970—1976). Імем Н. Перкіна названа вуліца ў Тураве, дзе нарадзіўся вучоны.
Юльян Сяргеевіч Пшыркоў (1912—1980), доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа. У Чырвонай Арміі з лістапада 1940 г. У час вайны ваяваў пад Ленінградам, Кёнігсбергам, быў паранены. Узнагароджаны ардэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, «Знак Пашаны», медалямі. З 1945 г. і да канца сваіх дзён працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі. З 1954 г. быў загадчыкам сектара дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі. Выкладаў у БДУ (1945—1957) і Мінскім педінстытуце (1966—1968).
У другой палове 50-х — першай палове 60-х гг. на добра падрыхтаванае папярэднікамі поле акадэмічнага літаратуразнаўства ўзышло малодшае пакаленне навукоўцаў, якое паспела таксама прыняць актыўны ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Яно ўлічыла багаты навукова-даследчы вопыт старшага пакалення барацьбітоў за праўдзівае і аб’ектыўнае даследаванне гісторыі беларускай літаратуры, за рашучае адмаўленне штучных сацыялагізатарскіх схем мінулага, за гісторыка-сацыяльнае і мастацка-эстэтычнае вывучэнне актуальнага літаратурнага працэсу, за станаўленне і паглыбленне тэарэтыка-метадалагічнага апарата, за ўменне своечасова вызначаць ідэйныя і мастацкія прыярытэты руху і выпрацоўваць глыбока прадуманую навуковую стратэгію і напрамак інавацыйнага пошуку.
Сярод гэтага пакалення прыкметнае месца займаюць ветэраны вайны — акадэмік І.Я. Навуменка, член-карэспандэнт А.М. Адамовіч, дактары філалагічных навук М.М. Грынчык, Э.С. Гурэвіч, кандыдаты філалагічных навук В.К. Зайцаў, А.Ф. Коршунаў, В.І. Гапава, Л.Я. Гаранін. Яны разам са старшымі калегамі стваралі маральна-духоўную атмасферу, якая спрыяла калектыўнай сатворчасці і сумеснаму навуковаму пошуку.
Акадэмік Іван Якаўлевіч Навуменка (1925—2007), заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, у гады Вялікай Айчыннай вайны актыўна ўдзельнічаў у падпольным змаганні супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у выданні падпольнай маладзёжнай газеты «За Радзіму». Уваходзіў у армейскую разведвальна-дыверсійную групу, быў партызанам Васілевіцкай брыгады імя Панамарэнкі. Разам з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічаў у вызваленні ад акупантаў роднага яму г.п. Васілевічы. У 1943 г. быў прызваны ў армію, ваяваў на Ленінградскім і Першым Украінскім франтах, на Карэльскім перашыйку, ва Усходняй Прусіі, Сілезіі. Узнагароджаны ардэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, медалямі.
Член-карэспандэнт Аляксандр Міхайлавіч Адамовіч (1927—1994), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа, з першых дзён вайны стаў актыўным удзельнікам падполля, створанага ў яго родным пасёлку Глуша, а ў 1942 г., калі яму споўнілася 15 гадоў — партызанам атрада імя Кірава 37-й брыгады імя Пархоменкі Мінскага злучэння. Пра падзеі партызанскай вайны на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі ён пазней расказаў у рамане-дылогіі «Партызаны». Першая яго частка мела назву «Вайна пад стрэхамі», якая азначала ўсенароднае Беларускае Супраціўленне ворагу, калі змагаліся не толькі дарослыя, але і старыя, жанчыны, падлеткі, дзеці і формы гэтага змагання былі сапраўды народныя. Узнагароджаны ардэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалямі. Праз усе гады жыцця і творчасці А. Адамовіча паралельна ішло яго захапленне стварэннем новых аповесцей і раманаў, дакументальных кніг і кінасцэнарыяў, мастацкай публіцыстыкі, прысвечаных эстэтычнаму асэнсаванню падзей Вялікай Айчыннай вайны і пранікнутых пафасам барацьбы за мір і раззбраенне, і даследаваннем актуальных праблем беларускай класікі, працэсам вяртання забытых пісьменніцкіх імёнаў, адраджэннем нацыянальных літаратурных традыцый.
Доктар філалагічных навук Эсфір Саламонаўна Гурэвіч (1921) у 1941 г. добраахвотна пайшла працаваць у адзін з ваенных шпіталяў у Маскве. Медыцынскай сястрой хірургічнага аддзялення, у званні старшыны медыцынскай службы, яна прайшла шлях ад Масквы да Усходняй Прусіі. Узнагароджана медалямі. Раненыя байцы пасля выздараўлення пісалі ёй лісты з удзячнасцю, якія падпісвалі, не ведаючы яе мінскага адрасу, проста: «Мінск. Эйсе». З пачатку 90-х жыве ў Кліўлендзе (ЗША), напісала ўспаміны пра вайну.
Кандыдат філалагічных навук Аляксандр Фаміч Коршунаў (1924—1991) у першыя гады вайны жыў у роднай вёсцы Палішына Горацкага раёна, працаваў на гаспадарцы. 27 верасня 1943 г. быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. У складзе войск 3-га Беларускага фронта ўдзельнічаў у баях за вызваленне Оршы, Віцебска. Цяжка паранены. Пасля ампутацыі нагі ў 1944 г. дэмабілізаваны як інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі. Пачынаючы з 1954 г. і да канца жыцця працаваў у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР.
Кандыдат філалагічных навук Леонцій Якаўлевіч Гаранін (1926) у час вайны працаваў сталяром на авіяцыйным заводзе ў Саратаве. У чэрвені 1944 г. добраахвотна пайшоў у армію, скончыў школу паветраных стралкоў у г. Кінелі Куйбышаўскай вобласці, удзельнічаў у баях на 4-м Украінскім фронце як паветраны стралок штурмавой авіяцыі. На працы ў Інстытуце літаратуры АН Беларусі з 1971 г. Напісаў успаміны пра вайну, якія друкаваліся ў зборніку вучоных НАН Беларусі — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На пенсіі.
Старэйшае і малодшае пакаленне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ўсе пасляваенныя дзесяцігоддзі актыўна ўдзельнічала ў навукова-даследчым працэсе, умацоўвала тэарэтыка-метадалагічныя і гісторыка-культурныя асновы беларускага літаратуразнаўства, стала духоўным абярэгам лепшых нацыянальных мастацкіх і навуковых традыцый. Сучасная навуковая генерацыя літаратуразнаўцаў памятае запаветы і наказы сваіх старшых калег, якія выяўляюцца ў імкненні глыбока раскрываць фундаментальныя законы літаратурнага працэсу, напаўняць іх эстэтычным зместам, арганічна звязваць мінулае і сучаснасць, сацыяльную рэальнасць з мастацкім паказам.
Літаратура
1. Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 40-я — першая палавіна 60-х гадоў. — Мн., 1985. С. 14, 66.
2. Барысенка В.В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. — Мн., 1957.
3. Навуменка І.Я. З глыбінь жыцця. — Мн., 1960. С. 3.