Беларуская фанетычная школа: пераемнасць і перспектывы

Мова як важнейшы элемент культуры з’яўляецца неад’емным атрыбутам, які вызначае прыналежнасць любога чалавека да народа і, такім чынам, выступае як магутны фактар фарміравання нацыянальнай свядомасці. Моўнае адзінства, якое знаходзіць выразную праяву ва ўзнікненні пісьмовай літаратурнай мовы і развіцці мастацкай літаратуры, дасягаецца тады, калі гэта літаратурная мова становіцца сродкам зносін ва ўсіх сферах грамадскага жыцця — афіцыйнай мовай краіны. Беларуская мова мае такі ўзровень і па праву аб’яўлена дзяржаўнай у суверэннай рэспубліцы. Узгаданыя высокія ісціны, выказаныя вядомым айчынным моваведам акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандрам Іосіфавічам Падлужным, глыбока ўсвядомлены і рэалізуюцца ў жыццё нашымі вучонымі сферы гуманітарных навук.

З імем акадэміка А.І. Падлужнага звязана распрацоўка праблем беларускай фанетыкі і фаналогіі, граматыкі, правапісу і культуры мовы ў краіне. Важнае месца ў навуковай дзейнасці беларускіх вучоных заняла створаная пад яго кіраўніцтвам фанетычная школа, вынікі дзейнасці якой і сёння служаць зыходнай базай пры распрацоўцы актуальных пытанняў, звязаных з арфаэпіяй, фарміраваннем, развіццём, правапісам і ўнармаваннем мовы беларускага народа.
З першых дзён працы ў Інстытуце малады даследчык звярнуўся да найбольш актуальных і малараспрацаваных у тэарэтычным і практычным плане праблем беларускага мовазнаўства. З паспяховай абароны А.І. Падлужным кандыдацкай дысертацыі «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы» (1967) у беларусістыцы пачаўся якасна новы этап вывучэння гукавога ладу мовы. Новаму кірунку папярэднічала шырокае даследаванне фанетыкі беларускіх народных гаворак, якое распачаў яшчэ ў маі 1953 г. бліскучай абаронай кандыдацкай дысертацыі «Гаворкі Чырвонаслабодскага раёна Бабруйскай вобласці» М.В. Бірыла. Яго работа паслужыла ўзорам падобных манаграфічных апісанняў асобных дыялектных зон Беларусі.
Асабістая заслуга А.І. Падлужнага — разгортванне і развіццё эксперыментальнага даследавання гукавога ладу беларускай мовы ў краіне. У лабараторыі эксперыментальнай фанетыкі, якая была створана ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ў 1969 г., пад кіраўніцтвам вучонага і пры непасрэдным яго ўдзеле выканана вялікая праца па эксперыментальным даследаванні артыкуляцыі гукаў, што дазволіла стварыць іх навукова абгрунтаваную артыкуляцыйна-фізіялагічную класіфікацыю, параўнаць з тыпалагічна падобнымі гукамі суседніх славянскіх моў, апісаць асноўныя характарыстыкі артыкуляцыйнай базы беларускай мовы. Вынікі даследавання знайшлі адлюстраванне ў грунтоўных манаграфіях: «Гукі беларускай мовы» (1973), «Нарысы акустычнай фанетыкі беларускай мовы» (1977). Характарыстыка гукаў беларускай мовы з пункту погляду акустыкі моўнага сігналу і яго ўспрымання стала тэмай доктарскай дысертацыі вучонага «Фанетычная сістэма беларускай мовы (эксперыментальна-фанетычнае даследаванне гукавога складу)» (1981). Створаная ім арыгінальная тэорыя працэсаў успрымання мовы дазваляе і зараз вызначаць рэальныя шляхі выкарыстання фанетычных ведаў у дыягностыцы моўнай функцыі слыху чалавека, у аўтаматычным распазнаванні і сінтэзе маўлення.
Распрацоўка пытанняў беларускай фанетыкі і фаналогіі сучаснай літаратурнай мовы была ажыццёўлена ў манаграфіях А.І. Падлужнага «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989). Праведзеныя ім даследаванні фаналагічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы з’явіліся асновай распрацоўкі пытанняў правапісу і арфаэпіі, што знайшлі адлюстраванне ў раздзелах «Фанетыка» і «Арфаэпія» акадэмічнай «Беларускай граматыкі» (1985), а таксама ў нарматыўным «Слоўніку беларускай мовы: Арфаэпія. Арфаграфія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» (1987), які студэнты і выкладчыкі яшчэ ўдзячна называюць бірылаўскім — у гонар рэдактара акадэміка М.В. Бірылы. Навізна і высокая каштоўнасць слоўніка ў першую чаргу тлумачыцца тым, што правапісныя і вымаўленчыя нормы беларускай мовы, раней вядомыя толькі з тэарэтычных прац, пададзены канкрэтна і шматбакова. Выданне з’явілася значнай падзеяй, якая стымулявала ўздым культуры мовы ў краіне. Даступнасць падачы матэрыялу дала магчымасць выкарыстоўваць слоўнік усім, хто цікавіцца пытаннямі беларускай літаратурнай мовы. Даведнік сумяшчае адразу чатыры моўныя аспекты і дазваляе чытачу з адной крыніцы атрымаць рознабаковыя характарыстыкі пераважнай большасці беларускіх слоў: правапіс, месца націску ў формах слоў, пералік саміх гэтых форм з указаннем на спецыфіку іх ужывання ў літаратурнай мове і ўзорнае літаратурнае вымаўленне.
Вядомы дасягненні і другіх фанетыстаў: «Асаблівасці фанетычных працэсаў ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя» (П.В. Садоўскі, 1978), «Колькасная і якасная рэдукцыя галосных у беларускай літаратурнай мове» (А.М. Андрэеў, 1983), «Варыятыўнасць гукаў у патоку маўлення» (В.Р. Бурлыка, 1985), «Фанетычныя асаблівасці гаворак Навагрудчыны: лінгвагеаграфічнае і эксперыментальнае даследаванне» (І.Р. Бурлыка, 1987) і інш. Распрацаваны таксама пытанні сувязі фанетыкі і граматыкі — марфаналагічныя пытанні: «Марфаналогія службовых часцін мовы і прыслоўяў у беларускай і рускай мовах» (Н.М. Гардзей, 1987), «Марфаналогія дзеяслова ў беларускай мове» (В.П. Русак, 1990) і інш.
Тэарэтычныя даследаванні, шырыня тэматыкі эксперыментальных і прыкладных работ у гэтай галіне дазваляе нашым вучоным дастойна прадстаўляць нацыянальную фанетычную школу на міжнародным узроўні, удзельнічаць у падрыхтоўцы «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (АЛА), работа над якім пачалася ў адпаведнасці з рашэннем IV Міжнароднага з’езда славістаў (Масква, верасень 1958 г.). Узначаліў беларускую нацыянальнаю камісію
М.В. Бірыла, пад кіраўніцтвам якога сабраны беларускі дыялекталагічны матэрыял, упершыню ў гісторыі славянскага мовазнаўства паводле адзінай праграмы і адзінай транскрыпцыі даследаваны ўсе славянскія мовы і дыялекты на вялізнай тэрыторыі, якую яны займаюць у Еўропе. Першыя лінгвагеаграфічныя выпускі АЛА апублікаваны ў Маскве і Белградзе ў 1988 г.
Цікава нагадаць, што менавіта ў Мінску ў 1972 г. была распачата праца над пробнымі картамі атласа, а ў 1989 г. у Інстытуце мовазнаўства была створана рэдакцыйная калегія на чале з акадэмікам М.В. Бірылам для падрыхтоўкі і выдання трэцяга выпуску АЛА — «Раслінны свет», — які быў надрукаваны ў 2000 г. дзякуючы намаганням А.І. Падлужнага.
На пачатку ж новага стагоддзя работа Міжнароднай камісіі АЛА пры Міжнародным камітэце славістаў, якую зараз узначальвае прафесар РАН Т.І. Вендзіна, выйшла на новы ўзровень, і сёння мы можам падводзіць канкрэтныя вынікі і гаварыць аб рэальных перспектывах камп’ютарызаванай работы над АЛА ў бліжэйшыя гады. Працягваючы традыцыі і вопыт папярэднікаў, беларускія даследчыкі рыхтуюць новы фанетыка-граматычны выпуск атласа. Праводзіцца падрыхтоўка да выдання выпуску «Рэфлексы *а», які прысвечаны аднаму з самых характэрных, распаўсюджаных і да гэтай пары спрэчных пытанняў фанетыкі ў славянскіх мовах.
Выдадзеныя матэрыялы атласа дазваляюць устанавіць не толькі паслядоўнасць, гістарычную абумоўленасць канкрэтных з’яў і працэсаў, але, пры выкарыстанні новых падыходаў да інтэрпрэтацыі сабраных па славянскіх дыялектах матэрыялаў, удакладніць спрэчныя ці не зусім ясныя пытанні арэальнай распаўсюджанасці, накіраванасці, захаванасці старажытных моўных форм. Важным аспектам выкарыстання матэрыялаў атласа з’яўляецца магчымасць паказаць на лінгвістычных картах дыяхранічную інтэрпрэтацыю фанетычных змен, тэрытарыяльную стратыфікацыю адрозненняў і тым самым — размежаванне больш старажытных і больш новых з’яў, у адпаведнасці з якімі ажыццяўляецца сучасная дыферэнцыяцыя славянскага дыялектнага адзінства і яго складнікаў.
Гісторыя беларускай літаратурнай мовы як камунікатыўнай адзінкі, якая рэальна існуе ў грамадстве, з’яўляецца перш за ўсё гісторыяй станаўлення і пера¬ўтварэння форм яе існавання, гісторыяй дынамікі яе норм. Кожны асобны сінхронны зрэз адкрывае моўную карціну, у якой адчуваецца дзеянне працэсаў папярэдніх перыядаў існавання моўнай сістэмы. Змены, якія адбыліся ў грамадскім жыцці краіны ў канцы мінулага стагоддзя, непасрэдна закранулі і моўную сферу, а таксама выклікалі пэўныя зрухі ў самой сістэме беларускай мовы, у гэты час, па словах А.І. Падлужнага, яна апынулася ў стане расплыўчатасці і размытасці яе норм.
Больш таго, апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя аказалася асабліва складаным і супярэчлівым ва ўнутранай яе гісторыі. Калі ў папярэдні перыяд паступова і няўхільна складваліся і ўмацоўваліся арфаграфічныя, граматычныя, лексічныя, фанетычныя нормы, то ў гэты час моўныя набыткі папярэдняга перыяду пачалі разбурацца, і выклікалася гэта не патрэбамі ўнутранага развіцця мовы, а знешнімі, палітыка-ідэалагічнымі, імпульсамі, так званымі экстралінгвістычнымі фактарамі. Аднак і на фоне такіх пазітыўных вывадаў агульнапрызнаным заставаўся факт, што даследаванні, якія праводзяцца акадэмічнымі вучонымі, з’яўляюцца асноўнай базай для распрацоўкі беларусістыкі, далейшай падрыхтоўкі вучэбнай і даведачнай літаратуры на беларускай мове і па беларускай мове.
Сучасная сацыялінгвістычная сітуацыя ў краіне патрабуе яшчэ больш актыўнага вывучэння моўных працэсаў у плане фанетычных, прасадычных рыс вуснага маўлення, узаемаадносін паміж кадыфікаванай нормай і традыцыйнымі беларускімі гаворкамі, а таксама практыкай суіснавання варыянтаў і агульнапрызнаных узораў, моўных норм.
Выступаючы аргументавана за ўмацаванне пазіцый літаратурнай нормы, акадэмічныя лінгвісты працягваюць працаваць над стандартамі моўнага нарміравання, зафіксаванымі ў апошніх фундаментальных працах, у якіх актуальныя праблемы сучаснай пісьмовай мовы разглядаюцца ў двух аспектах — тэарэтычным і прыкладным: «Кароткая граматыка беларускай мовы: У 2 ч. Ч. 1. Фаналогія. Марфаналогія. Марфалогія; Ч. 2. Сінтаксіс» (2007, 2009), «Граматычны слоўнік дзеяслова» (2007), «Граматычны слоўнік назоўніка» (2008), «Граматычны слоўнік прыметніка, займенніка, лічэбніка» (2009). Праблемы пісьмовай нормы пададзены двума ўзаемадапаўняльнымі спосабамі арфаграфічнага апісання — пры дапамозе граматыкі і граматычных слоўнікаў знамянальных часцін мовы. Намаганнямі зладжанага калектыву ўдалося не толькі рэалізаваць навуковую задуму выдатнага вучонага, але тым самым данесці да карыстальнікаў беларускай мовы зручныя, актуальныя і запатрабаваныя дапаможнікі, аналагаў якім пакуль яшчэ не існуе ў славянскім мовазнаўстве.
На рубяжы стагоддзяў, калі задумвалася і выношвалася ідэя навуковага выдання, моўная практыка наглядна выяўляла надзвычайную складанасць і шматаспектнасць пытанняў, звязаных з нормамі літаратурнай мовы. Праблему складала шматварыянтнасць у пісьмовай і вуснай форме ў галіне вымаўлення, правапісу, словазмянення, словаўтварэння і словаўжывання. А.І. Падлужны неаднаразова перасцерагаў, указваючы: «Небяспека гэта заключаецца ў тым, што фактычна тая мова, якой вучаць у школе, зусім не супадае з той, на якой друкуюцца некаторыя перыядычныя выданні, якой карыстаюцца на радыё і тэлебачанні. Калі такая сітуацыя захаваецца і надалей, то працэс навучання беларускай мове стане або вельмі цяжкім, або зусім немагчымым, бо вучыць трэба так, каб мова на яе любым узроўні была ўнармаванай, беспамылковай. Але што такое моўная памылка, калі і ў пісьмовай і вуснай форме існуе шматварыянтнасць?» Як дзейсны адказ на пытанне, быў падрыхтаваны грунтоўны даведачны комплекс, адкрыўшы патрэбную старонку якога, можна атрымаць правільную падказку аб напісанні больш за 100 тыс. слоў усіх знамянальных часцін мовы.
Стварэнне такога комплексу работ напярэдадні ўступлення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», калі праблемы варыятыўнасці напісання цікавяць многіх, асабліва настаўнікаў, выкладчыкаў, рэдакцыйна-выдавецкіх работнікаў, несумненна, садзейнічае вырашэнню адной з самых неабходных задач — павышэння культуры мовы і агульнай культуры грамадзян нашай краіны. Унармаванае, аднастайнае выкарыстанне літаратурнай мовы ў друку, справаводстве, СМІ, вучэбным працэсе і г.д. крайне неабходна, паколькі беларуская літаратурная мова з’яўляецца адной з дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь.
На сучасным этапе асаблівая ўвага ў навукова-даследчай дзейнасці аддзела сучаснай беларускай мовы накіравана не толькі на распрацоўку арфаграфічных, лексікаграфічных крыніц і даведнікаў, падручнікаў і дапаможнікаў у адпаведнасці з новымі «Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», даследаванне слоўнікавага складу літаратурнай мовы новага стагоддзя, вывучэнне моўнай сітуацыі ў краіне, але і адноўлена распрацоўка праблем, якія непасрэдна звязаны з даследаваннем фанетычнай структуры слова, варыятыўнасці гукаў, якая мае розны характар. Устанаўленне камунікатыўных магчымасцей беларускай мовы ў функцыянальна-стылістычным аспекце на розных узроўнях дазволіць вызначыць комплекс спецыфічных фанетычных, прасадычных рыс сучаснага вуснага маўлення, абумоўленага рознымі сітуацыямі зносін.
Пры існуючым разнабоі ў літаратурных нормах выяўленне эфектыўных крытэрыяў ацэнкі фіксуемых фанетычных, арфаэпічных норм з пункту погляду іх лагічнай апраўданасці становіцца на-
дзейным інструментам сучаснай беларускай моўнай культуры. Тым больш што не ўсе сучасныя літаратурныя варыянты ў галіне акцэнталагічных, арфаэпічных норм абапіраюцца на адну і тую ж дыя-лектную базу, артыкуляцыйна-фізіялагічную класіфікацыю гукаў, якая дазваляе прадставіць любы гук як сукупнасць артыкуляцыйных рухаў, неабходных для яго ўтварэння. Правільнае літаратурнае вымаўленне — гэта своеасаблівая дэманстрацыя арганічнай прывабнасці і чароўнасці роднага слова. Адносіны да норм літаратурнага вымаўлення і націску сведчаць пра агульны культурны ўзровень носьбіта мовы.
Вывучэнне актыўных моўных працэсаў шляхам аналізу адносін паміж кадыфікаванай нормай і наяўным узусам выкарыстання беларускай мовы, абумоўленым сучаснай сацыялінгвістычнай сітуацыяй у краіне, дазволіць зрабіць аргументаваныя рэкамендацыі па павышэнні маўленчай культуры. Менавіта правільнасць маўлення забяспечвае яго адзінства, захоўвае адназначнасць, агульназразумеласць інфармацыі, якая перадаецца і ўспрымаецца.