Літаратурная спадчына: праблемы атрыбуцыі

Атрыбуцыя (ад лац. attributio — прыпісванне) — устанаўленне прыналежнасці ананімнага мастацкага твора пэўнаму аўтару, мясцовай ці нацыянальнай мастацкай школе, а таксама вызначэнне часу яго стварэння. Звычайна матэрыялам для атрыбуцыі служаць дакументальныя сведчанні, ідэйны і вобразны змест тэксту, асаблівасці яго мовы і стылю.
Праблема ўстанаўлення аўтарства ў літаратуры звязана з існаваннем ананімных і псеўдаананімных тэкстаў і ўяўляе сабой адну з самых старажытных філалагічных задач, што ўваходзяць у сферу тэксталогіі.
Гэта надзвычай складаная справа ў адносінах мастацкіх твораў, напісаных на падставе беларускіх рэалій, беларускага матэрыялу, але на іншых мовах. Даволі цікавым у такім ключы бачыцца твор мастацкай публіцыстыкі пачатку ХІХ ст. «Гістарычныя падарожжы, якія адбыліся па польскіх землях паміж 1811 і 1828 гадамі», аўтарам якога з’яўляецца Юльян Урсын Нямцэвіч.
Дзякуючы менавіта гэтаму паэту і пісьменніку, палітычнаму дзеячу і сакратару-ад’ютанту Тадэвуша Касцюшкі вядомы на Беларусі род Нямцэвічаў прыдбаў сваю знакамітасць. Нарадзіўся і вырас Ю.У. Нямцэвіч у радавым маёнтку Скокі каля Брэста, аднак большую частку свайго сталага жыцця правёў далёка ад родных мясцін. Тым не менш ён ніколі не адмаўляўся ад сваіх каранёў і той зямлі, на якой нарадзіўся і якая яго ўзгадавала. Але да сённяшняга дня, нягледзячы на тое, што цікавасць да гістарычнай і літаратурнай спадчыны пастаянна расце, мы ўсё яшчэ ніяк не адважымся без агаворак аднесці яго творы да беларускай літаратурнай спадчыны пачатку ХІХ ст. Хаця некаторыя з іх маюць для гэтага ўсе падставы.
Драматычныя, сатырычныя творы, раманы, аповесці, паэмы, вершы, байкі Юльяна Урсына Нямцэвіча даюць нам поўнае права гаварыць пра яго як пра аднаго з самых значных пісьменнікаў тагачаснай Рэчы Паспалітай. Можна прыгадаць тут трагедыі «Уладыслаў пад Варнай» і «Казімір Вялікі», палітычны пасквіль «Фрагмент Таргавіцкай Бібліі», шырокавядомую камедыю «Вяртанне пасла» ці адну з папулярнейшых польскіх кніг ХІХ ст. «Гістарычныя спевы», на якой выхоўвалася не адно пакаленне моладзі. Не менш цікавымі для чытача будуць таксама гістарычныя замалёўкі і шматлікія пераклады аўтара.
Але для нас найбольшую цікавасць уяўляюць, безумоўна, «Гістарычныя падарожжы...», а менавіта — раздзел VI пад назвай «Падарожжа ў Літву ў 1819 годзе».
Фактычна гэтая частка «Падарожжаў…» — абсалютна самастойны твор мастацкай публіцыстыкі, створаны на беларускім матэрыяле, які ўключае не толькі падарожныя замалёўкі аўтара, але таксама яго разважанні над тымі ці іншымі падзеямі, што адбываліся на гэтых землях, гістарычныя звесткі пра вядомых асоб і нават дакументы, такія, напрыклад, як «Аб смерці караля Стафана Баторыя, ліст ад сакратара Яго Каралеўскай Мосці Ежы Х’якара да Яго Вялікасці Вольфганга Каўнацкага, канцлера княства сяміградскага», напісаны ў Гародні 19 снежня 1586 г., ці падрабязнае апісанне пажару 1611 г. у Вільні, якое зрабіў, будучы яго сведкам, сакратар Жыгімонта ІІІ Алясандра Чылі, і інш. Тэксты гэтых дакументаў уключаны ў твор поўнасцю.
Пачынаецца «Падарожжа ў Літву ў 1819 годзе» наступнымі словамі, якія з’яўляюцца яскравым доказам таго, як Нямцэвіч ставіўся да сваёй роднай зямлі: «Да гэтага часу Берасце, сталіца роднага ваяводства, станавілася мэтай, на якой я спыняў свае паездкі на гэтыя землі. Цяпер жа, будучы ў такім паважаным узросце, было сорамна адкладваць маё гістарычнае падарожжа ў правінцыю, дзе і я, і мае продкі жыццё распачалі, больш за тое, — у край, які сваімі воінамі, дзяржаўнымі дзеячамі і вучонымі не саступае Кароне Польскай, у край, кажу Вам, які даў нам Ягайлаў, які быў айчынай Хадкевічаў, Радзівілаў, Астрожскіх, Сапегаў, у якім нарадзіліся Каяловіч, Пачобут, Нарушэвіч, Рэйтан, Корсак, Касцюшка, урэшце. Няхай іншыя накіроўваюцца ў духмяную, упрыгожаную чужымі творамі Аўзонію (горад у Італіі — А.М.), няхай наведваюць цудоўныя Парыжы і багатыя Лонданы: я іду заглыбіцца ў літоўскія бары, можа, не такія прыемныя і багатыя на забавы, але тыя, што кранаюць мяне за жывое, бо з’яўляюцца часткай маёй так доўгі час святой і так доўгі час няшчаснай Айчыны» [1].
Але перш чым пачаць замалёўкі пра землі Берасцейшчыны, Ю.У. Нямцэвіч нагадвае гісторыю літоўскага народа паводле Каяловіча, Стрыйкоўскага і інш.
Пачаў пісьменнік сваё гістарычнае падарожжа ў Скоках, сямейным маёнтку Нямцэвічаў, адкуль выехаў з братам Янам 28 чэрвеня 1819 г. «Прыгожым краем, праз які ўецца рака Лясная, ехалі мы да Чарнаўчыц. Адусюль даносіўся прыемны пах свежаскошанага сена, усюды пеністы шум працуючых млыноў і грукат іх колаў. Сонца пасля дажджу выбіралася з ружовых аблокаў, вялікія кроплі віселі на кустах і кветках; цёмназялёныя, трошкі залацістыя ад сонца чайкі праляталі то тут, то там; вандроўнік-бусел сур’ёзна паходжваў па мокрых далінах» [1] — такая лірычная замалёўка адкрывае апавяданне Нямцэвіча пра яго вандроўніцтва. Чарнаўчыцы — маленькае мястэчка, якое некалі было ўласнасцю Яленічаў, а потым пераўшло да Радзівілаў. Менавіта яны пабудавалі тут касцёл, а пазней Радзівіл Сіротка яго адрэстаўраваў, і перад вачамі падарожніка ён паўстаў «даволі прыгожы, даволі старажытны». Менавіта ў гэтым мястэчку былі пахаваны Якуб і Дамінік Радзівілы.
Нямцэвіч апісвае таксама маёнтак Радзівілаў у Чарнаўчыцах: «…Усё драўлянае, усё, як і сам дом, старое. Адна толькі засталася ў гэтых гмахах калекцыя — адвечных радзівілаўскіх карэт. Памятаюць яны, відаць, першыя дні вынаходства такіх сродкаў перамяшчэння. Нічога больш нязграбнага, а па вазе сваёй нічога больш жахлівага для коней і прыгадаць нельга. Праўда, нашы продкі не ездзілі хутка, дробную рысь дазвалялі сабе толькі ў выключных выпадках, але ж і так, як цяжка павінна было быць коням цягаць за сабой гэтыя агромністыя замкі» [1].
Цікавым з мастацкага пункту гледжання і, здаецца, заўсёды актуальным бачыцца назіранне, запісанае аўтарам «Падарожжаў…» у Кобрыне: «Я даехаў до пошты; аднак коней мне не хацелі даць, па той прычыне, што праз два дні павінен быў прыехаць Аляксандр, князь віртэмбергскі з жонкай і са сваімі дзецьмі. Якая была сувязь паміж князем, які павінен быў прыехаць праз два дні, і мною, які праязджаў у дадзены момант, не разумею. Аднак тут так адбываецца. Як толькі паштовыя астраномы адкрыюць, што павінна паказацца нейкае вялікае свяціла, адразу ж спыняюць рух усіх астатніх падарожнікаў» [1]. Прысутнічае пасля такога апісання і цікавая дэталь: «Спатрэбіўся ўвесь крэдыт майго брата, каб позна ноччу атрымаць коней для мяне». Інакш кажучы, за грошы можна было атрымаць нават тое, што афіцыйна было забаронена.
Наступным мястэчкам, дзе праязджалі вандроўнікі, былі Пружаны, якія, як заўважае пісьменнік, былі аддадзены Кацярынай ІІ Румянцаву, таксама як і Кобрын Сувораву. З непрыхаванай іроніяй Нямцэвіч заўважае: «Невымерна шчодрай была беззаганная Кацярына ў раздаванні нарабаванай уласнасці польскіх каралёў. Усе багацці прастольныя, якія годна і цудоўна ўтрымалі праз вякі нашых каралёў, аддала каханкам або выканаўцам сваіх гнюсных загадаў» [1].
Не толькі канкрэтныя аб’екты і жыццёвыя сітуацыі, што сустрэліся на шляху Нямцэвіча, прыцягваюць яго ўвагу. Даволі маляўніча апісвае ён і ўбачаныя беларускія краявіды: «Акрамя Белавежскай пушчы, дзе зубры ўжо пачынаюць гінуць, Пружанскі павет не шмат мае лясоў; перасякаюць яго рэкі Мухавец і Ясельда. Валкавыскі павет з выгляду весялейшы. Край болей, чым на Палессі, уздымаецца на пагоркі, там і тут параскіданыя гайкі, дамы жыхароў чыстыя і пабудаваны з густам, атуленыя прыгожымі агародамі і лясамі. Дарогі роўныя і нават зашырокія. Колькі яны часта каштуюць непатрэбнай людской працы; столькі ёсць патрэбных прац, таму вельмі дарагім павінен быць пот чалавечы, і не павінен ён ніколі ліцца дарма. Дарогі гэтыя з абодвух бакоў абсаджаны дрэвамі, а часам нават і ў два рады, але паколькі садзілі іх часцей за ўсё ў неадпаведную пару года, то замест зеляніны відаць толькі сухія галіны. Паслушныя вербы прыжываюцца ўсюды, а вось іншыя дрэвы, у якіх больш моцны дух незалежнасці, адважваюцца спрачацца з загадамі. Але так ці інакш, ад гэтых радоў пасаджаных выцягнутых дрэў, што стаяць роўнымі шэрагамі, такая карысць, што нагадваюць яны рэч, якая найчасцей сустракаецца на свеце — парад» [1].
Вандроўны шлях Ю.У. Нямцэвіча пралягае далей праз Ружаны, у якіх аўтар апісвае стан некалі заможнага дома Сапегаў, дзе «у адным з кабінетаў знаходзіцца бібліятэка, якую нельга назваць багатай ні ў сэнсе выбару кніг, ні іх колькасці. Цікавасць уяўляе збор рукапісаў, які складаецца з 232 вялікіх тамоў, першыя з якіх дасягаюць ХV стагоддзя, а апош- нія — канца XVIII. У іх вельмі шмат цікавых гістарычных матэрыялаў, і менавіта імі карыстаўся ксёндз Кандратовіч, калі ствараў сямейны летапіс Сапегаў. Лісты да гетманаў, міністраў, біскупаў, пісаныя на працягу гадоў. Шкада, што ў канцы няма алфавітнага каталога» [1].
Даволі падрабязна апісваецца ў «Падарожжах...» і Валкавыск. Але найбольш цікавым будзе, відаць, аўтарскае апісанне такога гістарычнага факта: «Якраз у гэтым горадзе былі прыняты польскія паслы, што прыбылі на сустрэчу Ягайлы, па тайным даручэнні Ядзвігі з мэтай добра прыгледзецца да яго постаці. Гэта былі: Влодка з Аградзеньца, кракаўскі падчашы, Крыстын з Астрова, Пётр Шафранец з Лучыц, Хінча з Рагова. Вядома, што паслы бачылі караля ў лазні, і знайшлі яго моцным і добра складзеным» [1].
1 жніўня 1819 г. Нямцэвіч прыбыў у Гародню, гісторыю якой апісаў вельмі падрабязна, уключыўшы ў яе таксама ўжо згаданы ліст аб смерці Стафана Баторыя. Вельмі высокую ацэнку дае аўтар дзейнасці Антонія Тызенгауза, заўважаючы, што нават калі і дапусціць, што ён не заўсёды прытрымліваўся закону, то ўсё роўна «трэба прызнаць, што ён першы зрабіў парадак у адміністрацыі, рахунках і новых пачынаннях у Польшчы. Да гэтага часу стаяць пабудаваныя ім гмахі на Гарадніцы і Ласосне і амаль па ўсіх гаспадарчых землях» [1].
Цікавым бачыцца і такі штрышок у апісанні Гародні: «Свецяцца яе белыя дамы, але насельніцтва амаль цалкам чорнае, гэта значыць — яўрэйскае» [1]. Колькасную перавагу яўрэяў Нямцэвіч, дарэчы, адзначае амаль у кожным мястэчку, якое ён наведаў.
Найстарэйшым у Гародні помнікам архітэктуры з’яўляецца, як вядома, Каложа, ці, як піша Нямцэвіч, «царква і кляштар ксяндзоў Базыліянаў на Каложы». Аўтар падае вельмі падрабязнае апісанне будынка: «Структура царквы асаблівая; невялікая, поўная дзірак: гэта шыі, што выходзяць на паверхню, пустых збаноў, замураваных у цёмных сценах. З заходняга боку відаць выбіты на камені царкоўнымі літарамі наступны надпіс: «Положон Роб Божы Эліязар года ад сатварэння міру 6998», што адпавядае нашаму 1490 году. У прывілеі цара Аляксандра на землі Чашчаўляны, у г. 1500 аддадзеныя гэтаму абацтву, сказана, што гэта адбывалася з улікам старажытнасці дадзенай царквы. Некаторыя думаюць, што была яна пабудавана інфландскімі рыцарамі. Але так ці інакш, яе з’яўленне нашмат апярэдзіла прыняцце хрысціянства на Літве» [1].
Шмат яшчэ цікавых фактаў і замалёвак можа чытач знайсці ў тэксце «Падарожжа…», у прыватнасці, у апісаннях мястэчак Гародзенскай губерніі, такіх як Трокі, Ліда, Наваградак, Слонім, а таксама Коўна, Вільні, Пінска і інш.
Падводзячы вынікі свайго аб’езду, Ю.У. Нямцэвіч робіць вельмі цікавую і па-філасофску глыбокую выснову, якая можа здацца на першы погляд суб’ектыўнай, тым не менш яна мае права на існаванне: «Як моцна саступала б бедная мая Літва, каб я ў думках пачаў параўноўваць яе з іншымі краінамі ў Еўропе! Я задаваў сабе пытанне: ці ж урадлівая глеба Брандэнбурга, многіх частак Саксоніі, Шампані ў Францыі, скалістай Шатландыі і Швецыі, лепшыя, чым нашая зямля на Жмудзі, на Ковеншчыне, Наваградчыне, каля Валкавыска і г.д.? Адказ просты: наша Літва больш багатая і ўраджайная, чым усе названыя краіны. Чаму ж тады, зноў запытаў я, нават у самых бедных правінцыях Францыі, Шатландыі, Швецыі, нават на пясчаных землях Брандэнбурга бачым свабодны люд, упарадкаваныя мястэчкі, апрацаваныя палі і напружаную працу чалавека, узнагароджаную добрым побытам? Маленькае, акружанае бурным акіянам на астравах Аркады мястэчка, непараўнальна больш квітнеючае і багатае, чым Коўна ці Пінск, што пануюць над магутнымі рэкамі. Адказ на ўсё гэта наколькі просты, настолькі і небяспечны.
Кажуць, што чалавек — гэта «естество», адоранае нябесным духам і святлом, якое павінна ўсе свае здольнасці накіроўваць на ўдасканальванне сябе і свайго побыту; кажуць, што гэтыя набыткі павінны перадавацца з пакалення ў пакаленне. Я ў забраных правінцыях бачыў супрацьлеглае. У іх не ўдасканаленне разумовых здольнасцяў, а ўсё большую сапсаванасць і беднасць адны пакаленні перадаюць наступным» [1].
Прыведзеныя фрагменты выразна сведчаць пра тое, што твор «Падарожжа ў Літву ў 1819 годзе» Ю.У. Нямцэвіча пабудаваны цалкам на беларускім матэрыяле. І гэта не проста пасіўныя апісанні ўбачанага падчас вандроўкі — аўтар дасканала валодаў гістарычнымі звест¬камі пра землі, па якіх падарожнічаў, і сваю дасведчанасць вельмі ўдала выкарыстаў у складанні сваіх дарожных нататак, якія зусім не беспадстаўна назваў гістарычнымі. А ўсё гэта дае нам права залічыць «Падарожжа ў Літву...» да твораў мастацкай публіцыстыкі Беларусі пачатку ХІХ ст.